Юбілейны, 25-ты Дзень беларускага пісьменства адзначылі ў Іванаве. Чаму менавіта гэты палескі гарадок абралі сёлета сталіцай яркага культурнага свята? Гэта здарылася невыпадкова, а дзякуючы багатым традыцыям і гісторыі. Па дарогах Іванаўшчыны ў XV стагоддзі гуляла каралева Бона; вёска Моталь – радзіма першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана; тут у 1807 годзе нарадзіўся вядомы ва ўсім свеце паэт, мастак, кампазітар Напалеон Орда. Іванаўская зямля ўскарміла і нямала знакамітых песняроў беларускага слова.
Свята разгарнулася на 2 дні. За гэты час адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў.
Сюды прыбыла рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад гроба Гасподняга. Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, перадаючы эстафету свята гораду Слоніму Гродзенскай вобласці, заўважыў, што слова беларускае не толькі заўсёды несла людзям культуру, але і з’яўлялася міратворцам, крыніцай мудрасці.
Пра тое, што трэба жыць з любоўю да роднага слова, гаварыў і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Падтрымала калегу першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, якая зазначыла, што захаваць мову – задача сучаснага пакалення. З гэтай мэтай і праводіцца кожны год Дзень беларускага пісьменства.
Падчас адкрыцця помніка “Іванава слова” губернатар Брэстчыны Анатоль Ліс падкрэсліў, што ён – на памяць аб свяце ўсім іванаўцам, бо яны прыклалі шмат намаганняў, каб горад дастойна сустрэў гасцей. А іх прыехала, трэба сказаць, нямала, прычым не толькi з нашай краіны. Разам беларускія і замежныя літаратары сабраліся за “круглым сталом”, дзе абмеркавалі развіццё мастацкай літаратуры.
Уразіў сваёй шырынёй і Фестываль кнігі і прэсы, у межах якога прайшлі прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай і вучэбнай кнігі, дзіцячай літаратуры, аўтограф-сесіі, калі вядомыя пісьменнікі і паэты падпісвалі жадаючым набытыя выданні.
Прыцягваў увагу і друкарскі дворык XVI стагоддзя, дзе можна было паглядзець, як выдаваліся кнігі ў той далёкі час.
Самымі актыўнымі наведвальнікамі выставы “Беларускі буквар: сувязь пакаленняў”, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”, былі школьнікі і… пажылыя людзі. “Што вас тут зацікавіла?” – пытаюся ў жанчыны, якой не меней 80 гадоў.
– Я – мясцовая жыхарка, вось зайшла глянуць, што тут робіцца, – расказвае Ганна Крыштаповіч, у мінулым педагагічны работнік. – Ведаеце, нават праслязілася, гледзячы на ўвесь гэты кніжны скарб, на шыкоўныя буквары. Памятаю сваё дзяцінства. Чытаць вельмі любіла, але такіх кніг нават у руках не трымала. Набыла некалькі кніжак для сваіх праўнучак.
Затрымлівацца на адным месцы не было калі: вакол працавала шмат тэматычных пляцовак. Але і хутка перайсці з аднаго месца на другое не ўдавалася аніяк, бо розныя цікавасці адцягвалі ўвагу.
Тут і выстава малюнкаў члена Беларускага саюза мастакоў Алега Карповіча, і выстава галаграм старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі “Іванаўскія чытанні”. Выставы-продажы беларускіх прадпрыемстваў заманьвалі вялікай колькасцю тавараў.
Сувеніры і патрэбныя рэчы можна было купіць і ў майстроў Брэстчыны. Напрыклад, Iванаўская школа бандарства не толькi прадставіла свае вырабы: рамеснікі актыўна давалі парады, як імі карыстацца, каб доўга служылі.
Каля іх можна было б надоўга затрымацца, калі б не вулічныя музыкі і смех, які стаяў каля лабурскай карчмы: карцела даведацца, што адбываецца.
А там ішло тэатралізаванае прадстаўленне “Запрашаем да Мэйты” – вельмі крэатыўнай, кажучы сучаснай мовай, жанчыны-лабуркі.
Пачакайце, вы не ведаеце, хто такія лабуры? Значыць, вы ніколі не былі на Іванаўшчыне. Бо калі б хоць раз наведаліся, вам абавязкова расказалі б, што гэта мясцовыя жыхары, якія валодалі асаблівай мовай, былі добрымі прадпрымальнікамі, дзякуючы чаму жылі заможна і выклікалі зайдрасць у астатніх. Яшчэ і сённня жыхары горада дзеляцца на іванаўцаў і лабураў.
Шмат чаго цікавага можна расказаць пра апошніх, але, прабачце, ужо гучаць фанфары – распачынаецца Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў “Мы – разам!”. А гэта значыць, што будзе шмат музыкі і песень.
– Наша прафсаюзная акцыя – гэта не толькі канцэрт. У першую чаргу гэта падзяка людзям за плённую працу, – зазначае старшыня Іванаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Сідарцава.
Старшыня мясцовай вертыкалі Юрый Бісун дапаўняе, што іванаўцы, як і ўсе палешукі, – народ старанны, працавіты. У раёне шмат людзей, якія працай заслужылі павагу. Сярод іх – прадстаўнікі сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці.
Але, падкрэслівае Людміла Сідарцава, зараз, падчас свята беларускага пісьменства, вырашана аддаць даніну павагі тым, хто не вырабляе матэрыяльных каштоўнасцей, затое на іх ліку каштоўнасці не менш значныя – духоўныя.
Так, у Валянціна Чугаева больш за 40 гадоў працоўнага стажу ў культуры, з якіх амаль 20 ён з’яўляўся дырэктарам Дома культуры ў аграгарадку Моталь. Зараз мужчына на адпачынку, але актыўна ўдзельнічае ў жыцці вёскі. Два гады назад прымаў удзел у прафсаюзным рэспубліканскім конкурсе “Песни Победы”, за што ўзнагароджаны Ганаровай граматай райаб’яднання прафсаюзаў.
Перад тым як пайсці на пенсію, Валянцін Іванавіч падрыхтаваў сабе дастойную змену. Зараз на ніве культуры працуюць яго сын Вячаслаў – таленавіты аранжыроўшчык і аўтар песень, і ўнук Ігар, які працуе ў тым жа Доме культуры, што і дзед. Членам дынастыі па праву лічыцца і нявестка Ірына – кіраўнік драматычнага гуртка Мотальскага дома культуры.
– Творчасць не мае ўзросту, – завярае глава сям’і Чугаевых. – Апладысменты гледачоў – бальзам для маёй душы.
Апладысментаў у жыцці Валянціна Іванавіча, яго жонкі Любові, сына, нявесткі і ўнука нямала. Усе яны спяваюць у ансамблі народнай песні “Ярыца”, які сабраў Валянцін Іванавіч у 1992 годзе. А сын крыху пазней за бацьку стварыў яшчэ адзін творчы калектыў – “Мотольские мужики”. Музыку амаль усіх песень напісаў Вячаслаў Чугаеў. Ансамбль “Ярыца” быў удзельнікам першага Міжнароднага фестывалю “Галасы Палесся”, абодва калектывы неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі і дыпломамі розных узроўняў.
Акрамя сям’і Чугаевых, прафсаюзныя ўзнагароды атрымалі дынастыі Шыкалай – прадпрыемства па вырабе мясной прадукцыі і Ільюшчанкавых – медыцынскіх работнікаў.
Свята закончылася ўжо прыцемкам, у 22 гадзіны, вялікім канцэртам, у якім бралі ўдзел майстры мастацтваў. Але ўсе ўдзельнікі 25-га Дня беларускага пісьменства зазначалі, што свята мовы не мае заканчэння, яно павіна панаваць у жыцці паўсядзённа…
Источник: 1PROF.BY
В рамках торжественных мероприятий, посвященных Дню белорусской письменности, лучших из лучших в своей сфере отметил также профсоюз работников культуры, информации, спорта и туризма.
Председатель Центрального комитета Белорусского профсоюза работников культуры, информации, спорта и туризма Татьяна Филимонова вручила Почетные грамоты Центрального комитета отраслевого профсоюза за эффективный и многолетний добросовестный труд, высокий профессионализм: