Гасцей на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей сустракалі з караваем, што вельмі сімвалічна ў час жніва.
З вітальным словам звярнуўся да дэлегацыі старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Ільіч Лузай. А старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Захаравіч Карплюк дадаў, што ў нас ёсць чаму павучыцца. І гэта не галаслоўная заява.
На палях гудзе тэхніка, а пра дбайнасць людзей расказваюць дыхтоўныя дамы і дагледжаныя сядзібы.
Першай наведалі сялянска-фермерскую гаспадарку «Вопыт КАА», якой ужо каля 20 гадоў кіруе Аляксей Аляксеевіч Копец. У гаспадарцы не толькі вырошчваюць і прадаюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Тут ёсць лагістычны цэнтр, аўтапарк якога налічвае 16 фур, на якіх працуюць 32 вадзіцелі-міжнароднікі.
«Вопыт КАА» мае магчымасць аказваць паслугі з дапамогай сваёй будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Але на гэтым спыняцца не сталі і два гады таму адкрылі малочнатаварны комплекс, на якім зараз знаходзіцца 3000 галоў, трэць з якіх – дойны статак. Усяго ў гаспадарцы на дадзены момант працуюць 82 чалавекі. Механізатару Мікалаю Уладзіміравічу Давідчуку, як аднаму з лепшых работнікаў, была ўручана Ганаровая грамата Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовая прэмія.
Былі прыемна здзіўлены ўдзельнікі дэлегацыі і ад наведвання яшчэ адной з буйнейшых фермерскіх гаспадарак раёна – «Альшаны». Яе кіраўнік Мікалай Іванавіч Грыб з усмешкай прызнаецца, што ўжо звык да гасцей. Шкляныя цяпліцы, у якіх на працягу ўсяго года вырошчваюцца таматы, даўно сталі мясцовай славутасцю. Зараз пад цяпліцамі знаходзіцца шэсць гектараў зямлі. Самы галоўны плюс – гэта пазасезоннасць, бо прыкладна на месяц гаспадарка абганяе іншыя камбінаты. Спачатку забяспечваецца рынак краіны, далей таматы ідуць у замежжа. Самыя запатрабаваныя – чырвоныя гатункі, потым ружовыя і жоўтыя. Усе аперацыі ў цяпліцы выконвае камп’ютарызаваная сістэма: ад паліву да рэгулявання вільготнасці. Цікава, што са шкоднікамі змагаюцца спецыяльныя насякомыя, якія прылятаюць у кантэйнерах на самалёце аж з Ізраіля. А вось людзі займаюцца падкручваннем і зборам ураджаю. Мікалай Аксёнавіч уручыў Ганаровую грамату і грашовую прэмію Мікалаю Грыбу і пажадаў далейшага развіцця гаспадаркі.
У ААТ «Палеская ніва», дзе быў наступны прыпынак, уручылі падарункі лепшаму экіпажу камбайнераў – Мікалаю Мікалаевічу Аблавушку і Антону Уладзіміравічу Дораху. Тут спяшаюцца ўбраць трыцікале. Вопытных работнікаў адзначыў і дырэктар Аляксей Мікалаевіч Бародзіч. Ён дадаў, што працавітасць людзей з’яўляецца галоўнай рухаючай сілай. І якое жніво без смачных абедаў, якія дастаўляюцца ў поле? Таму каштоўныя падарункі таксама атрымалі загадчык сталовай Лідзія Цімафееўна Гаўрылковіч і повар-раздатчыца Наталля Іванаўна Якаўчыц. На полі да дэлегацыі далучыўся старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, які таксама прывітаў гасцей.
Калі цяпліцы сталі візітнай карткай Альшан, то аграгарадок Рамель адразу асацыіруецца з конезаводам, таму абмінуць яго дэлегацыя не магла. Сустракала яе нязменны заатэхнік Марына Юр’еўна Ярмоліч, якая ведае аб кожнай жывёліне абсалютна ўсё. Дарэчы, зусім хутка пройдзе традыцыйны «Конны фэст», у якім упершыню будуць праводзіцца спаборніцтвы паміж коннымі клубамі.
Для дэлегацыі была наладжана экскурсія па Альшанах. А яшчэ завіталі ў старажытны Давыд-Гарадок і наведалі гарадскі музей, дзе цікавую экскурсію правяла загадчык Кацярына Казлоўская. За што Мікалай Лабушаў пакінуў словы падзякі ў кнізе водгукаў. Большасць з гасцей упершыню была на палескай зямлі, таму шчыра дзялілася сваімі ўражаннямі.
Зоя Дзмітрыеўна Кавалёва, старшыня Мінскай гарадской прафсаюзнай арганізацыі:
– Я чула пра Альшаны і ваш раён, але адна справа чуць і другая – бачыць на свае вочы. Уразіла ўсё, але асабліва стаўленне мясцовых жыхароў да працы. Відавочна, што людзям цікава, чым яны займаюцца. Не баяцца рызыкаваць, укараняюць новыя тэхналогіі, шукаюць розныя спосабы для заробку. І ўсё самі, ні на каго не спадзяюцца і не чакаюць дапамогі. Прыемна бываць у такіх месцах, якія ўвасабляюць будучыню нашай краіны.
«Навiны Палесся» [1]
Ссылки в статье:
[1] «Навiны Палесся»: http://www.polese.by/2018/08/pracavitasc-lyudzej-yak-ruxayuchaya-sila/